Маліноўскія: лёс адной сям’i

Описание

На фота Раман Маліноўскі з дзецьмi, 1931

Людзей, якія могуць прасачыць гісторыю сваёй сям’і на працягу стагоддзя, сення сустрэць даволі цяжка. Аднак жыхар Баранавічаў Дзмітрый Сіткевіч – сапраўднае выключэнне. Вось якую цікавую гісторыю расказаў спадар Дзмітрый пра лёс свайго прадзеда Рамана Маліноўскага.

Раман Маліноўскі нарадзіўся ў 1898 годзе ў Давід-Гарадку. Маліноўскія жылі незаможна, да таго ж рана памёр гаспадар дома. Сямілетняга Рамана забралі да сябе яго сваякі, якія трымалі магазін у Лодзі. Доўгі час Раман працаваў у гэтым магазіне, у Лодзі ён таксама вывучыў польскую мову. Яшчэ ў Давід-Гарадку Раман Маліноўскі пазнаёміўся з Соф’яй, сваёй будучай жонкай. Бацькі Соф’і не жадалі выдаваць яе за небагатага маладога чалавека. Але Раману і Соф’і было суджана быць разам. Стаўшы дарослымі, яны ажаніліся. Гэта было ў 1918 годзе. А пасля заканчэння першай сусветнай вайны Раман разам з жонкай прыехаў жыць у Баранавічы. Там ён арэндаваў невялікае памяшканне і гандляваў кветкамі. Накапіўшы грошаў, Раман купіў драўляны дом на вуліцы Рынкавай каля Палескага чыгуначнага вакзала. Частку дома ён прыспасобіў пад магазін, дзе пачаў гандляваць слабаалкагольнымі напоямі і кандытэрскімі вырабамі. Баранавічы моцна пацярпелі ў годы сусветнай вайны, частка горада была спалена адступаўшымі расійскімі царскімі войскамі. Таму жыць тут напачатку дваццатых гадоў было даволі складана. Але справы ў Рамана Маліноўскага ішлі нядрэнна. Магчыма з-за гэтага невядомыя злачынцы-зайдроснікі спалілі яго дом. Але Раман, дзякуючы сваёй працавітасці і прынцыпіяльнасці, здолеў пераадолець цяжкае выпрабаванне. У 1924 годзе нарадзіўся сын Канстанцы, а праз год – дачка Еўгенія. У 1925 годзе Раман пабудаваў на месцы спаленага новы мураваны дом (які, дарэчы, захаваўся да нашых дзён) і працягваў гандаль. Дом складаўся с дзвюх частак: з боку вуліцы знаходзілася так званая “амерыканка” – магазін-піўная, а ў другой частцы былі тры жылыя пакоі і кухня. У магазіне можна было набыць піва, віно, напоі з мёду, а таксама розныя булачкі, цукеркі і іншыя слодычы. За таварам Раман ездзіў да Варшавы. Дзень для сям’і Маліноўскіх пачынаўся вельмі рана. Гаспадар дома прасыпаўся ў пяць гадзін раніцы, каб навесці парадак у магазіне, а таксама на вуліцы – у тыя часы за пакінутае каля дому смецце плаціўся значны грашовы штраф.

У дваццатых гадах прошлага стагоддзя Баранавічы паступова аднаўляліся пасля ваенных катаклізмаў. Сюды пачалі вярталіся з цэнтральных раёнаў Расіі бежацы, адбудоўваліся разбураныя дамы. У хуткім часе справы Рамана Маліноўскага сталі працвітаць. Гэтаму садзейнічала зручнае становішча яго магазіна. Праз вуліцу знаходзіўся Палескі чыгуначны вакзал. Натуральна, што пасажыры, якія выходзілі з цягнікоў ці збіраліся ў падарожжа, куплялі напоі і кандытарскія вырабы менавіта ў Рамана. Да таго ж, надалёка размяшчаўся пляц, куды ў гандлёвыя дні з’язджаліся на падводах сяляне з акалічных весак. Таму ў Рамана Маліноўскага заўсёды было шмат пакупнікоў і магазін ніколі не пуставаў. Сям’я жыла ў дастатку, і Раман мог нават трымаць у доме служанку – вясковую дзяўчыну Аляксандру. Яна даглядала за дзяцьмі, але ў магазіне не працавала.


Магазiн на аэрафотаздымку горада Баранавiчы ад 3.07.1942 года.

Такое мірнае, спакойнае жыццё працягвалася да 1939 года. Першага верасня пачалася новая сусветная вайна. А праз сямнаццаць дзён у Баранавічы ўвайшлі часткі Чырвонай Арміі. Жыхары горада былі вельмі здзіўлены тым, як бедна былі апрануты чырвонаармейцы. Як пазней успамінала Соф’я, жонка Рамана, большасць з іх ніколі не бачылі шакаладу. Даходзіла нават да анекдатычных выпадкаў. Так, жонкі савецкіх афіцэраў пакупалі ў магазінах тонкія начныя кашулі. Думая, што гэта “модныя еўрапейскія” сукенцы, яны хадзілі ў іх па вуліцах. Гэта, зразумела, вызывала смех і жарты жыхароў Баранавічаў. Неўзабаве, з прылаўкаў гарадскіх магазінаў зніклі амаль ўсе прадукты. Людзі жартавалі, што “вызваліцелі” вызвалілі іх ад малака, смятаны і цукру. Раман Маліноўскі, які прадчуваў вялікія перамены, за таварам больш не паехаў. Ён зачыніў магазін, распрадаў прадукты і напоі.

Хутка пачаліся масавыя высылкі людзей. Напрыклад, жыхароў вуліцы Зялёнай супрацоўнікі НКУС увязлі амаль у поўным складзе, засталося толькі некалькі дамоў. Высылкі працягвалася амаль да лета 1941 года. Развітвацца са сваімі блізкімі і суседзямі жыхары Баранавічаў хадзілі на Цэнтральны вакзал. Адтуль на ўсход накіроўваліся велізарныя эшэлоны, якія дасягалі да пяці дзесяткаў вагонаў. Чакала высылкі і сям’я Маліноўскіх. Аднаму чалавеку з сабой дазвалялася браць толькі адзін чамадан. Таму Раман Маліноўскі падрыхтаваў па асобнаму чамадану з бірачкай для сябе, жонкі і дзяцей. Але выслаць іх не паспелі – пачалася новая вайна, на гэты раз Германія напала на Савецкі Саюз. З Баранавічаў сталі масава ўцякаць савецкія чыноўнікі, міліцыянты, вайскоўцы. Іх злосць за такія паспешныя ўцёкі нярэдка выплёсквалася на ні ў чым не павінных людзей. Адзін з савецкіх афіцэраў прама на вуліцы хацеў расстраляць Рамана Маліноўскага як “варожага шпіёна”. Гэтую сцэну ўбачылі жонка і дзеці Рамана. Яны кінуліся на вуліцу, сталі ўмаляць афіцэра не забіваць іх бацьку. Магчыма, гэтыя просьбы змягчылі сэрца вайскоўца, ён схаваў пісталет і пакінуў Рамана ў спакою.Праз некалькі дзён пасля ўходу Саветаў у Баранавічах з’явіліся нямецкія жаўнеры. Яны аб’явілі мясцовым жыхарам, што ў горадзе будзе ўсталяваны новы, “нямецкі”, парадак. Аднак у першыя дні пасля прыходу нацыстаў высылак, забойств і гвалтаў не было. У доме Рамана Маліноўскага пасяліўся нямецкі афіцэр. Ён аказаўся прыстойным і акуратным чалавекам, нават прынасіў у дом прадукты. У годы германскай акупацыі Раман зноў адчыніў свой магазін, аднак ён дзейнічаў далёка не кожны дзень. Дачка Яўгенія працавала на Палескім вакзале, насіла вугаль. Тым не менш, сям’я жыла, у асноўным, за кошт зробленых да вайны вялізных запасаў солі, мыла і запалак. Яны абменьваліся на іншыя патрэбныя рэчы і тавары. Менавіта гэтыя запасы дазволілі выжыць у такі няпросты час.

Трэба сказаць, што большасць насельніцтва даваенных Баранавічаў складалі яўрэі. Немцы сагналі іх у гета, а таксама вывозілі да канцэнтрацыйных лагераў. У годы вайны сям’я Маліноўскіх дапамагала баранавіцкім яўрэям. У падвале іх дома некаторы час хавалася яўрэйская дзяўчынка.

Людзям, каторых вывазілі з горада, канваіры дазвалялі адхадзіць да туалета. Раман Маліноўскі перадаваў гэтым яўрэям цывільную вопратку і, пераапрануўшыся, яны ўцякалі.

Летам 1944 года немцы пакінулі Баранавічы, у горад у другі раз прыйшлі савецкія войскі. Аднаму з савецкіх афіцэраў спадабаўся прасторны дом Рамана. Вайсковец высяліў Маліноўскіх з дому і пачаў жыць там сам.

Сям’ю ў гэты час прытулілі суседзі. Раман скардзіўся на такую несправядлівасць у розныя інстанцыі, і ўрэшце дом яму вярнулі. На шчасце, пасля гэтага інцыдэнта новых выпрабаванняў у жыцці сям’і не здарылася. Пасля вайны Раман працаваў качагарам у рэстаране, а потым, з-за слабага здароўя, сторажам. У 1955 годзе ён хацеў разам з сям’ёй уехаць у Польшчу, але дзеці адмовіліся пакінуць родны горад.

Памёр Раман Маліноўскі ў Баранавічах у 1971 годзе.

Занатаваў Дзмітрый Загацкі, Баранавічы

Информация

Добавлено: 8 лет назад

Добавил:

Метки

,

Обсуждение материала
0 0 votes
Оцените материал
Подписаться
Уведомить
0 Комментарий
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x