Сярод нямецкіх паштовак часоў Першай сусветнай вайны сустракаюцца шмат з малюнкамі, якія адлюстроўваюць краявіды горада Баранавічы і ваколіц, цікавыя моманты побыту нямецкіх жаўнераў і жыццё мясцовых людзей.
Шмат малюнкаў зрабіў нямецкі мастак-графік Курт Арэндт. На жаль, у Баранавічах, краявіды якіх ён пакінуў на паперы, пра мастака амаль нічога не вядома.
Курт Герхард Арэндт (Kurt Gerhard Arendt) нарадзіўся 24 кастрычніка 1893 года. Жыў у мястэчку Reichenbach (цяпер польскі Дзержанюў).
У 1911–1914, 1919–1922 гадах вучыўся ва Уроцлаўскай школе мастацтва і рамёсел у Арнольда Буша, Карла Хануша ды Оскара Моль і Отта Мюлера. З 1923–1925 гг. працаваў памочнікам настаўніка малявання ў Дзяржаўнай рэальнай гімназіі ў Дзержанюве. З 1925 – настаўнікам у ліцэі. Але часта браў працяглыя адпачынкі для выканання графічных работ на замову. З 1927 года быў сябрам Аб’яднання мастакоў Сілезіі (Künstlerbund Schlesien). Быў таксама сябрам уроцлаўскай мастацкай групоўкі „Gruppe 1922”. Аздобіў сваімі графікамі шмат кніжак і каталогаў. У 1940 годзе Курт працаваў у школе імя Шылера ў Познані. У 1944 годзе выконваў функцыі школьнага раднага (Studienrat).
Пасля вайны яго горад быў перададзены Польшчы, і мастак пераехаў у ФРГ. У 1945–1947 гадах ён кіраваў мастацкай майстэрняй у горадзе Услар (Ніжняя Саксонія). Адначасова працаваў як вольны мастак і настаўнік у школе. Памёр Курт Арэндт 15 студзеня 1978 года.
Яго малюнкі змешчаныя на некалькіх дзясятках паштовак, частка з якіх (у 1917 годзе і пазней) падпісана Arendt – так мастак падпісваўся пазней, пасля таго, як вярнуўся дахаты. Але частка гравюраў з выявамі нашага горада (выкананых пераважна ў першай палове 1916 годзе) пазначана адмысловым значком, у якіх чытаюцца літары “A” і “K”. На жаль, дакладна немагчыма пакуль вызначыць, што гэтыя працы належаць Арэндту, але з вялікай верагоднасцю можна казаць, што гэта менавіта яго працы.
Малюнкі Курта, змешчаныя на паштоўках, надрукаваныя ў многіх нумарах “Нямецкай ваеннай газеты ў Баранавічах” (Deutsche Kriegszeitung von Baranowitschi), якая выдавалася ў 1916–1918 гг. і ў якой працаваў мастак падчас службы ў войску.