Колпеница. Каўпеніца на старых паштоўках, 1917.

  • deutsche_soldaten_postament_heute
  • deutsche_soldaten_postament
Описание

Колпеница. Каўпеніца на старых паштоўках, 1917 год (103 лет назад).

Колішнія краявіды вёскі Каўпеніца захаваліся толькі дзякуючы Першай сусветнай вайне.
Вядома, што Каўпеніца была асабістай уласнасцю вялікага князя літоўскага Вітаўта, які ў 1430 годзе падарыў вёску Наваградскай каталіцкай парафіі. У 1535 годзе за Каўпеніцу судзіліся наваградскія ксяндзы і ўладальнік Сталовіч князь Ілля Канстанцінавіч Астрожскі. У 1567 годзе маёнтак Каўпеніца належаў шляхціцу Мікалаю Ладзяту, які выстаўляў з яго двух коннікаў у войска ВКЛ. У 1781 годзе тут была пабудавана драўляная прыходская царква. У 1798 годзе ў вёсцы было 40 хат і вятрак. Менавіта Свята-Іаанаўская царква, як галоўны архітэктурны аб’ект Каўпеніцы, найчасцей і змяшчалася на нямецкіх паштоўках часоў Першай сусветнай вайны. Гэты помнік беларускага драўлянага дойлідства знаходзіўся на могілках, што захаваліся да нашых дзён пры старой шашы на Мінск.
Як выглядала царква ў Каўпеніцы, сёння можна даведацца толькі са старых нямецкіх паштовак.

Лёс гэтай царквы трагічны. Яна была зачынена камуністычнымі ўладамі ў пачатку 1960-х гадоў. «Пасля ў кінутым храме жылі бамжы, яны нацягалі туды рознага смецця, – згадвае баранавіцкі краязнаўца Міхась Бернат. – Я заходзіў у сярэдзіну храма ў 1978 годзе, дык там жах што рабілася!» Не дзіва, што праз пару гадоў будынак царквы, што прастаяла больш за тры стагоддзі, згарэў. Як тады палічылі, падпал адбыўся па неасцярожнасці. Паштовыя карткі, выдадзеныя немцамі амаль 100 гадоў таму, адзінае, што нагадвае сёння пра той храм.

Яшчэ адна старая паштоўка з Каўпеніцы змяшчае выяву цікавага і сёння зусім занядбанага помніка на брацкай магіле нямецкіх салдат. На паштовай картцы відаць пастамент, на якім усталявана статуя нямецкага салдата ў чалавечы рост, які апусціў галаву і трымае ў левай руцэ каску, а ў правай вінтоўку. Тэкст, што знаходзіўся на пастаменце, з паштоўкі не чытаецца, але прачытваецца дата «1917». Ад пастамента цягнецца паўколам сцяна з лавамі, па абодва бакі якой знаходзяцца барэльефы салдат. Помнік выкананы з бетону. Лінія фронту праходзіла тады недалёка ад Каўпеніцы, і таму зразумела, што на мясцовых могілках адбываліся пахаванні палеглых жаўнераў. Цікава, што расейскім салдатам ставілі драўляныя крыжы, якія не захаваліся, а немцы, як відаць, намагаліся ушанаваць сваіх забітых таварышаў больш велічна і трывала.

У адрозненне ад царквы нямецкі мемарыял часоў Першай сусветнай вайны ў Каўпеніцы захаваўся да нашых дзён, хаця пра яго дагэтуль мала хто ведае. Помнік знаходзіцца на могілках, зусім недалёка ад дарогі Баранавічы–Наваградак і напярэдадні 100-х угодкаў пачатку Першай сусветнай вайны ён мог бы стаць адным з цікавых месцаў для наведвання беларускіх і замежных турыстаў. Але, на вялікі жаль, на сённяшні дзень мемарыял знаходзіцца ў жудасным стане. У скульптуры адсутнічае галава і правая рука з вінтоўкаю. Пастамент пашкоджаны, а бетон пакрыўся мохам. Брацкую магілу атачаюць сучасныя пахаванні, якія ўсутыч наблізіліся да старога помніка. Здалёк падаецца, што засмучаны жаўнер трымае ў руцэ не каску, а адбітую вандаламі галаву.

Цяпер толькі дзякуючы старым нямецкім паштоўкам, мы можам убачыць, як ён выглядаў калісьці.

0 0 vote
Оцените материал
Каўпеніца на старых паштоўках на карте Колпеница
Обсуждение материала
Подписаться
Уведомить
1 Комментарий
старые
новые рейтинговые
Inline Feedbacks
View all comments
Виктор Дедов
Виктор Дедов
3 лет назад

comment image comment image

error: Для копирования свяжитесь с администратором!!
1
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x