У першыя месяцы вайны фашысты стварылі ў раёне акупіраваных Баранавіч лагер для савецкіх ваеннапалонных «Шталаг-337».
Асноўны лагер «Лясны» знаходзіўся за 3 км ад чыгуначнай станцыі Лясная (Баранавіцкі раён). Яго буйнейшымі адгалінаваннямі сталі лагеры-турмы ў Баранавічах і Слуцку. З вязняў лагера фарміравалі рабочыя эшалоны, якія адпраўлялі ў Германію. Аднак большасць палонных знішчалі, часта без допыту. У першую чаргу – камуністаў і афіцэраў, а таксама хворых. Жудасныя ўмовы, у якіх трымалі вязняў, спрыялі развіццю інфекцыйных захворванняў і смерці ад голаду.
«Лясны» дзейнічаў да лета 1943 года і пакінуў на Баранавіцкай зямлі незагойныя раны: дзясяткі тысяч ахвяр. Па шашы БаранавічыСлонім у радыусе 5 км ад лагера знойдзена 60 магіл, дзе пахавана 50 тысяч ваеннапалонных і мірных жыхароў. А ў 250 метрах ад баранавіцкай турмы (зараз гэта вул. Брэсцкая) знайшлі 21 магілу. Тут пахавана 31 тысяча загубленых фашыстамі вязняў.
У 1964 годзе на месцы трагедыі ўзведзены мемарыяльны комплекс «Памяць» (скульптар У. Ягадніцкі, архітэктар Б. Тумашчык).
Алена СІНЯКОВІЧ
Фота Барыса НАВАГРАНА